КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КРЭДЫ́Т, таварны крэдыт,
крэдыт. які даецца вытворцамі (прадаўцамі) спажыўцам (пакупнікам) у выглядзе адтэрміноўкі плацяжу (або яго растэрміноўкі) за прададзеныя тавары, выкананыя работы і паслугі. Афармляецца спец. дакументам (напр., вэксалем), які сведчыць абавязацельства пакупніка заплаціць абумоўленую здзелкай грашовую суму. Мэта К.к. — паскорыць рэалізацыю тавару і павялічыць хуткасць абарачэння капіталу. Працэнт па К.к., што ўваходзіць у цану тавару і суму вэксаля, ніжэйшы, чым па банкаўскім крэдыце, мэтай якога з’яўляецца атрыманне прыбытку па пазыках, крэдытах. К.к. магчымы і ў інш. форме, калі спажывец перадае частку сваіх сродкаў (рэсурсаў) пастаўшчыку для аператыўнага і якаснага выканання заказу з далейшым іх залікам у аплату прадукцыі (тавару, паслуг), якую ён атрымлівае.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)